14 студзеня вучні школы наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны - першы ў свеце , прысвечаны самай кровапралітнай вайне XX стагоддзя, і адзіны ў Беларусі, створаны ў гады фашысцкай акупацыі. З аповеда экскурсавода школьнікі даведаліся, што калекцыя музея была заснавана яшчэ ў чэрвені 1942 года, калі ніхто не мог сказаць, колькі часу будзе працягвацца гэта трагедыя. Навучэнцаў уразілі экспазіцыі ўзбраення партызан, ваеннай тэхнікі, франтавой прэсы, антыфашысцкай падпольнай барацьбы, амуніцыі салдат і іншае. Напрыканцы экскурсіі школьнікі надоўга затрымаліся ў цудоўнай Зале Перамогі, якую ўпрыгожвае вітраж з малюнкам бусла - сімвалам Беларусі , каб прачытаць прозвішчы і імёны ўдзельнікаў той страшнай вайны, якая закранула кожную беларускую сям'ю. Вучні ўсвядомілі, што шматлікія экспанаты музея і аповед экскурсавода сведчаць пра тое, што наш беларускі народ не стаў на калені перад захопнікамі, захаваў годнасць. Экскурсія ў музей Вялікай Айчыннай вайны не пакінула раўнадушным ніводнага вучня. Яна дапамагла кожнаму з іх адчуць сябе маленькай часцінкай мужнага беларускага народа, які коштам вялікіх чалавечых ахвяр і гераізму падараваў ім мірнае жыццё.